У Смаргоні адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці
21 февраля, 2023 2023-02-21 7:15У Смаргоні адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці
У Смаргоні адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці
У суботу 18 лютага ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці.
Дзень духоўнасці салезіяне традыцыйна адзначаюць ў лютым. Пад час яго адбываецца больш глабокае знаёмства з дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB на распачаўшыяся год. Сёлета Генерал прапануе паразважаць над свецкім вымярэннем салезіянскай сям’і: “Быць Закваскай у сучаснай чалавечай сям’і”.
За падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемства былі адказныя прадстаўнікі трэцяй галіны салезіянскай сям’і салезіяне супрацоўнікі, якія дзейнічаюць пры смаргонскай парафіі. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам раздзяліцца па класах і наведаць заняткі ў салезіянскай школе. Вучнямі ў класах сталі прыбыўшыя ў Смаргонь са ўсёй Беларусі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі АДМА, салезіянскія аніматары і памочнікі. За кожным класам быў замацаваны класны кіраўнік і абраны стараста, а дырэктарам школы стаў Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў нашай краіне кс. Павел Шчарбіцкі SDB.
Пасля імправізаванага сабрання ў актавай залі вучні разышліся па навучальных класах.
На уроку фізікі ўдзельнікі пазнаёміліся з тэмай “Электрычны ланцуг і Валадарства Божае”. У якасці практычнага задання вучні павінны былі скласці электрычны ланцуг па схеме, каб засвяціла лямпачка. Бог таксама дае нам інструкцыю, якая дапамагае дасягнуць Валадарства Божае, — Евангелле.
Пад час уроку фізічнай культуры настаўнік на падставе каманднай гульні прадэманстраваў, што ісці да святасці значна лягчэй, якасней і цікавей разам і адной камандай. Дэвіз гэтага года заклікае ўсіх, звяртаючы асаблівую ўвагу на свецкіх, смела ісці наперад і несці харызму святога Яна Боско ў нашыя сем’і, месцы працы і нашае асяроддзе.
Настаўніца гісторыі нагадала, што Салезіянская сям’я жыве ў цені вялікага дрэва з цудоўнымі пладамі — святасці кс. Боско і яго паслядоўнікаў, у тым ліку і свецкіх. Кожны з нас павінен імкнуцца да святасці праз розныя пакліканні. Паўната салезіянскай харызмы ўзрастае, калі пакліканне і місія перажываюцца ва ўзаемнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных пакліканняў членаў Салезіянскай сям’і.
На ўроку замежнай мовы быў зроблены акцэнт на нашыя адрозненні. Мы як хрысціяне належым да Божага Валадарства і на зямлі з’яўляемся пілігрымамі і чужынцамі сярод шматлікіх веравызнанняў. Каб несці святло Хрыста да тых, хто ёсць побач, трэба добра ведаць “родную” мову, гэта значыць мову любові. Але таксама разумець тых, да каго мы пасланыя, быць з імі ў кантакце і бачыць іхнія патрэбы.
На уроку матэматыкі вучні разглядалі тэму «Кампаненты задачы». Праз дынаміку з рашэннем задач была прадстаўлена апошняя глава дэвізу «Наша моладзь як дрожджы ў сучасным свеце».
Зараз шмат складаных задач і выклікаў стаіць перад чалавекам. Таму кс. Анхель звяртаецца ў канцы дэвізу менавіта да моладзі, якая з’ўляецца той, хто будуе будучыню, каб яна пачала знаходзіць рашэнні гэтых задач, будаваць супольнасці с добрымі каштоўнасцямі. Запрашае яе быць закваскай у сучаснай чалавечай сям’і. Не абавязкова праяўляць гераізм, але праз праяўленне сваіх дароў быць закваскай там, дзе мы ёсць.
Урок па экалогіі прапанаваў вучням заняцца супольным будаваннем экалагічнай зялёнай парафіі, якая б адказвала інтарэсам кожнага і адпавядала сучасным тэндэнцыям і прынцыпам аховы навакольнага асяроддзя.
На ўроку біялогіі вучням давялося літаральна пад мікраскопам разглядаць адзін з сімвалаў дэвізу — закваску. Настаўнік паказаў, што закваска жывая і вельмі хутка расце і павялічваецца. Менавіта таму кс. Анхель абраў яе як сімвал, бо наша вера павінна таксама быць жывой, мы павінны ёй дзяліцца, каб вера і жаданне Божага Валадарства памнажалася на зямлі.
Калі заняткі скончыліся, кожны клас сабраўся для падвядзення вынікаў і распрацоўкі канкрэтнага кроку, які Салезіянская сям’я можа зрабіць у гэтым годзе, абапіраючыся на дэвіз.
Напрыканцы сустрэчы дэлегат падзякаваў арганізатарам і мясцовай салезіянаскай супольнасці на чале з дырэктарам кс. Казімірам Муравай SDB за добра падрыхтаваную сустрэчу, а таксама усім, хто прыехаў, за актыўны ўдзел.
Кс. Павел таксама прамовіў традыцыйнае салезіянскае слоўка на добрую ноч. Святар адзначыў, што, гледзячы на дэвіз і нашую рэчаіснасць, варта памятаць, што мы не індывідуалісты, што служэнне ў салезіянскай сям’і не завязана на канкрэтную асобу. Яно завязана на канкрэтную мэту, да якой мы ідзем усе разам, супольна. Гэтай мэтай з’яўляецца святасць. Святасць кожнага з нас асабіста і святасць той моладзі і тых людзей, дзеля якіх мы працуем.
Зявяршыўся дзень салезіянскай духоўнасці малітвай і супольнай вячэрай.
Паводле sdb.by