Новости

Адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Лугоўскі, салезіянін, які чвэрць стагоддзя нёс служэнне ў Беларусі (інфармацыя пра пахаванне)

2023-06-01-Luhouski
Главные новости

Адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Лугоўскі, салезіянін, які чвэрць стагоддзя нёс служэнне ў Беларусі (інфармацыя пра пахаванне)

Супольнасць салезіянаўксяндза Боско ў Беларусі са смуткам паведамляе, што 31 мая ў Польшчы на 82-м годзе жыцця, 62-м годзе манаскага жыцця і 51-м годзе святарства адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Лугоўскі SDB, які чвэрць стагоддзя нёс служэнне ў Беларусі.

Ксёндз Станіслаў Лугоўскі SDB быў адным з першых салезіянаў у Беларусі.

Пастырскаму служэнню на нашай Бацькаўшчыне ён прысвяціў 25 гадоў свайго святарства, служачы ў Ашмянах, Бердаўцы, Лідзе (Гродзенская дыяцэзія), а таксама ў Багданаве і Бараўлянах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Апошнім месцам служэння ксяндза Станіслава ў Беларусі была парафія святога Мацвея ў Раўбічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход), дзе на працягу чатырох гадоў святар выконваў функцыю пробашча.

У лістападзе 2015 года ксёндз Станіслаў Лугоўскі завяршыў гэтую місію і вярнуўся на радзіму, у Польшчу, дзе працягваў душпастырскую дзейнасць.

Вернікі парафій, дзе нёс служэнне ксёндз Станіслаў Лугоўскі, сабраты салезіяне і іншыя святары ў Беларусі запамяталі яго як чалавека надзвычай добрага, адкрытага, шчырага і адданага Хрысту і Найсвяцейшай Панне Марыі, Успамозе хрысціянаў.

Пахаванне спачылага ксяндза Станіслава Лугоўскага адбудзецца ў суботу 3 чэрвеня ў парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Сувалках (Польшча).
11.30 – Ружанец;
12.00 – пахавальная святая Імша; цэлебрацыю ўзначаліць біскуп Дарыюш Залеўскі, дапаможны біскуп Элцкай дыяцэзіі.
Святая Імша ў інтэнцыі памерлага ксяндза Станіслава Лугоўскага SDB будзе таксама цэлебравацца ў чацвер 8 чэрвеня ў 19.00 у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранка).
Вечны адпачынак дай яму, Пане…