Новости

Біскуп Кашкевіч падзяліўся аплаткай з сёстрамі, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі

2022-12-14-siostry_oplatek_142
Главные новости

Біскуп Кашкевіч падзяліўся аплаткай з сёстрамі, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі

12 снежня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася аплаткавая сустрэча законных сясцёр, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведаміла Прэс-служба дыяцэзіі, у праграме сустрэчы былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама магчымасць прыступіць да споведзі.
Галоўным пунктам сустрэчы стала святая Імша, якую ў інтэнцыі законных сясцёр цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі ксёндз Юрый Кузьміч, дэкан Шчучынскага дэканату і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары, заахвоціў прысутных быць духоўна моцнымі, каб перадаваць Хрыста іншым.

Пасля Эўхарыстыі аплаткавая сустрэча працягвалася ў доме сясцёр Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак).
Падчас сустрэчы біскуп Кашкевіч падзякаваў законніцам за штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне, асабліва за катэхізацыю дзяцей і моладзі.
Таксама іерарх выказаў ім віншаванні з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння і Новага года. Ён пажадаў сёстрам, каб іх штодзённае служэнне ў тых месцах, куды яны былі скіраваныя сваімі настаяцелямі, прыносіла ім радасць і пачуццё рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання.
Потым усе прысутныя падзяліліся аплаткамі і павіншавалі адзін аднаго.

Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by