Новости

Каталіцкія біскупы Беларусі просяць аб малітве за Папу Бэнэдыкта XVI

kkbb1
Главные новости

Каталіцкія біскупы Беларусі просяць аб малітве за Папу Бэнэдыкта XVI

Следам за Папам Францішкам, які падчас агульнай аўдыенцыі 28 снежня ў Ватыкане папрасіў аб малітве за свайго цяжка хворага папярэдніка Бэнэдыкта XVI, з такою ж просьбаю маліцца за Папу эмэрыта звяртаюцца да духавенства і вернікаў каталіцкія біскупы Беларусі.

Паважаныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння, пасля агульнай аўдыенцыі, якая адбылася ў Ватыкане, дырэктар прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні заявіў наступнае:

«Што датычыцца стану здароўя Папы эмэрыта, за якога Папа Францішак папрасіў аб малітве напрыканцы ранішняй агульнай аўдыенцыі, магу пацвердзіць, што ў апошнія некалькі гадзін адбылося пагаршэнне стану здароўя з прычыны пажылога ўзросту. Сітуацыя на дадзены момант застаецца пад кантролем, Папа на пенсіі знаходзіцца пад пастаянным медыцынскім наглядам. Пасля заканчэння агульнай аўдыенцыі Папа Францішак скіраваўся ў кляштар Mater Ecclesiæ да Бeнeдыкта XVI. З’яднаемся ў малітве за Папу на пенсіі», — сказаў кіраўнік ватыканскай прэс-службы.

Заахвочваем вас, шаноўныя святары, духавенства, усіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама ўсіх людзей добрай волі, па просьбе Святога Айца Францішка далучыцца да малітваў за Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI.

Падтрымаем нашай малітвай адданага слугу і іерарха Хрыстовага Касцёла, вялікага абаронцу веры нашага часу. Няхай гэтая малітва будзе выразам нашай удзячнасці Папу Бэнэдыкту XVI за мужнае сведчанне веры, пакоры і адданасці Каталіцкаму Касцёлу, якое ён даў падчас свайго пантыфікату, а таксама за яго малітвы, якімі ён у цішыні на працягу апошніх васьмі гадоў падтрымлівае Паўсюдны Касцёл.

Каталіцкія біскупы Беларусі

паводле catholic.by