Новости

Ксёндз Віктар Гайдуквіч SDB пра пошук шляхоў да сінадальнага Касцёла на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў у Празе

2023-02-08-synod1
Главные новости

Ксёндз Віктар Гайдуквіч SDB пра пошук шляхоў да сінадальнага Касцёла на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў у Празе

Пра што ішла гаворка на Еўрапейскай асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, якая з 5 па 9 лютага праходзіць у Празе (Чэхія) распавядае ксёндз Віктар Гайдуквіч SDB, які разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB удзельнічае ў ёй у якасці прадстаўніка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Пошук адпаведнага шляху да сінадальнага Касцёла быў лейтматывам кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў. Было зразумела, што для гэтага важна засяроджанне ўвагі на Хрысце і Духу Святым.

«Гаварыце мужна», — запрасіў удзельнікаў Маўрысіё Лопэс Арапэса з групы Генеральнага сакратарыяту Сіноду з Ватыкана, які таксама звярнуўся з просьбай шчыра прыслухацца адзін да аднаго і з адкрытым сэрцам прыслухацца да Бога.

Падчас пасяджэнняў часта гаворка заходзіла пра тое, што маецца на ўвазе пад сінадальнасцю. Гэта вельмі важна, каб стварыць адзіную платформу для агульнага і адпаведнага разумення сінадальнасці. Інакш існуе небяспека, што сінадальнасць застанецца «пустой гільзай», якую ўсе выкарыстоўваюць, але цалкам па-рознаму разумеюць. Напрыклад, Томаш Галік з універсітэта ў Празе сказаў:

«Сінадальнасць — гэта супольны шлях і азначае пастаянную адкрытасць Духу Святому, праз якога ўваскрослы, жывы Хрыстус жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле».

Старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы Гінтарас Грушас, арцыбіскуп Віленскі, пад чыім кіраўніцтвам праходзіць Еўрапейская асамблея Сіноду, казаў пра тое, што няма сінадальнага Касцёла без жывой сустрэчы з Хрыстом. Паводле словаў удзельнікаў сустрэчы ў Празе, Хрыстус павінен прасякаць усе пажаданні і клопаты, прадстаўленыя дэлегатамі з розных дыяцэзій Еўропы.

Удзельнікі Сіноду былі запрошаныя да новага спосабу працы падчас пленарнага сходу, які быў адметны тым, што пасля некалькіх выступленняў заўсёды была запланавана паўза для духоўнага разважання і лепшага разумення пачутага, а таксама новага спосабу працы ў групах, дзе не было дыскусій у класічным выглядзе, а толькі выказванні кожнага ўдзельніка (па 3 хвіліны), якія пасля былі прадстаўлены на пленарным пасяджэнні.

Тэматыкай працы ў групах былі тры пытанні з падрыхтоўчага дакумента кантынентальнага этапу, на якія кожная дэлегацыя павінна была падрыхтаваць кароткую справаздачу.

У панядзелак былі прадстаўлены тэмы, якія знайшлі найбольшы водгук у Касцёле на Беларусі, у аўторак — праблемы і пытанні, якія трэба ўлічыць на наступным этапе працэсу, а ў сераду — прыярытэты, нязменныя тэмы і заклікі да дзеяння.

Еўрапейскі этап Сіноду Біскупаў запланаваны ў дзвюх частках. У першай частцы, што завяршаецца 9 лютага, біскупы, духавенства і свецкія ўдзельнікі працуюць разам, каб прадставіць прыярытэты і праблемы, якія будуць разглядацца на восеньскай Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў у Рыме.

На падставе 39-і прэзентацый краін, вынікаў дыскусій на пленуме і працы ў групах, у апошні дзень Еўрапейскай асамблеі будзе прадстаўлены і абмеркаваны для зацвярджэння выніковы дакумент кантэнентальнага этапу Сіноду Біскупаў у Еўропе.

Пасля гэтых абмеркаванняў прадстаўнікі 35-і еўрапейскіх епіскапатаў, Старшыні канферэнцый біскупаў Еўропы, сумесна разгледзяць дакумент на другім непублічным пасяджэнні, заслухаюць выступленні паасобных біскупаў і разам падрыхтуюць другі выніковы дакумент.

паводле catholic.by