Новости

Папа Францішак: малітва кансэкраваных асоб — кісларод для ўсіх членаў Хрыстовага Цела

2023-04-27-cq5damweb800800
Главные новости

Папа Францішак: малітва кансэкраваных асоб — кісларод для ўсіх членаў Хрыстовага Цела

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 красавіка прайшла на плошчы Cвятога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыі і місіянерскаму запалу, звярнуўшы ўвагу на сведчанне кансэкраваных асоб, якія прысвячаюць сваё жыццё малітве.

Са зместам папскай катэхезы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Мы не можам не спытацца: як могуць людзі, якія жывуць у кляштарах, дапамагаць распаўсюджваць Евангелле? Ці не лепш было б скіраваць сваю энергію на місіянерскую дзейнасць, выйшаўшы з манастыроў і прапаведваючы Евангелле звонку?» — прапанаваў паразважаць Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што насамрэч манаскія асобы — гэта «сэрца, што б’ецца» ў абвяшчэнні Евангелля: «іх малітва — гэта кісларод для ўсіх членаў Хрыстовага Цела» і «нябачная сіла, якая падтрымлівае місійную дзейнасць».

«Невыпадкова апякункай місій з’яўляецца законніца, святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса», — заўважыў Папа Францішак, нагадаўшы словы гэтай святой: «У сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду любоўю».

Святы Айцец падкрэсліў, што члены сузіральных ордэнаў, манахі і манахіні — гэта людзі, якія моляцца і працуюць у цішыні дзеля ўсяго Касцёла, што з’яўляецца выразам любові.

«Любоў да ўсіх натхняе жыццё манаскіх асобаў і выражаецца ў іх малітве заступніцтва»,
— адзначыў Пантыфік, прывёўшы ў прыклад яшчэ аднаго святога: Грыгорыя з Нарэка — доктара Касцёла, армянскага сярэднявечнага манаха, які правёў усё жыццё ў кляштары, спасцігаючы глыбіні чалавечай душы і пакінуўшы пасля сябе зборнік малітваў, што лічыцца вяршыняй армянскай літаратуры і духоўнасці.

«Аспект, які найбольш уражвае ў ім, — гэта ўсеабдымная салідарнасць, якую ён выражаў.

У манахах і манахінях прысутнічае ўсеабдымная салідарнасць: усё, што здараецца ў свеце, знаходзіць месца ў іх сэрцах»,
— сцвердзіў Пантыфік, параўнаўшы сэрцы манаскіх асоб з «антэнамі», якія ўлаўліваюць усе падзеі ў свеце і моляцца аб вырашэнні гэтых сітуацый, жывучы, такім чынам, у еднасці з Богам і ўсімі людзьмі. «Гэта так, як рабіў Езус: яны бяруць на сябе праблемы свету, цяжкасці, хваробы, іншыя сітуацыі і моляцца за іх», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што манахі і манахіні аплакваюць грахі людзей і заступаюцца за іх у малітве, узносячы свае сэрцы і рукі да Бога і будучы, такім чынам, сапраўднай сілай Касцёла, якая дазваляе яму ісці наперад. Яны евангелізуюць свет сваім заступніцтвам, — дадаў Пантыфік, запрасіўшы вернікаў па-магчымасці наведаць які-небудзь кляштар, дзе людзі прысвячаюць сябе малітве і працы.

«Няхай Пан дасць нам новыя кляштары; няхай дасць нам манахаў і манахінь, якія будуць сваім заступніцтвам дапамагаць Касцёлу ісці наперад»,
— завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Паводле catholic.by