Новости

У Лепелі прайшла велікапосная сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Віцебскай дыяцэзіі

2023-03-08-lepel_spatk_sv_15
Главные новости

У Лепелі прайшла велікапосная сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб Віцебскай дыяцэзіі

У аўторак 7 сакавіка ў касцёле святога Казіміра ў Лепелі адбылася сустрэча святароў і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

Узначаліў велікапосную сустрэчу духавенства біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яна распачалася з дзвюх аскетычных канферэнцый, адна з якіх была прызначана для святароў, а другая — для кансэкраваных асоб.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, доктар біблійнай тэалогіі ксёндз Валерый Марціноўскі ў канферэнцыі для духавенства засяродзіўся над урыўкам з кнігі мудрасці Сіраха, дзе пералічваюцца розныя прафесіі тагачаснага свету і паказаны адрозненні паміж рамеснікам і мудрацом. Каментуючы гэты біблійны тэкст, святар заўважыў, што ксёндз на парафіі часам можа выконваць разнастайныя справы: будаваць, рамантаваць, але часу і ахвоты на служэнне людзям амаль не застаецца.

Каб пазбегчы гэтага, ксёндз Валерый нагадаў сабратам пра тры прыярытэты, своеасаблівыя «слупы» святарства: Эўхарыстыю і сакрамэнты, абвяшчэнне Божага слова і сaritas — дзяленне любоўю Хрыста з людзьмі, асабліва церпячымі.

Адмысловую канферэнцыю для сясцёр законных правёў айцец Яраслаў Банасяк OFMConv, які зазначыў, што абранае жыццё з Хрыстом — гэта ўдзел у пакаянні за збаўленне. Манаскае пакліканне — трываць разам з Ім. Пакаянне вядзе да навяртання, да перамены сэрца, да еднасці з Хрыстом. Прыклады святога Францішка і святой Клары заахвоцілі законніц да роздуму і практыкавання гэтага духоўнага скарба.

Потым быў час на прабыванне ў цішыні ў прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага і сакрамэнт паяднання.

Наступным пунктам сустрэчы ў Лепелі стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Буткевіч.

Прамоўленую гамілію іерарх прысвяціў тэме святарства, падкрэсліўшы ў ёй, што гэта не прафесія, а пакліканне і няпростае заданне, падыход да якога павінен быць вельмі адказным.

Прачытаны на Імшы ўрывак з Евангелля паводле Мацвея, у якім Езус дакарае фарысеяў за тое, «што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх», паводле біскупа Алега Буткевіча, можа паслужыць «пэўным рахункам сумлення для святароў і біскупаў»,

Наступная сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі пройдзе ў Вялікую сераду 5 красавіка ў Віцебску.

паводле catholic.by