У Маладзечне з удзелам двух арцыбіскупаў прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Міншчыны
26 ноября, 2022 2022-11-26 21:21У Маладзечне з удзелам двух арцыбіскупаў прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Міншчыны
У Маладзечне з удзелам двух арцыбіскупаў прайшла сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Міншчыны
У чацвер 24 лістапада ў касцёле святога Юзафа ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай вобласці.
Днём раней у Магілёве прайшла пастырская сустрэча святароў Магілёўскага рэгіёна.
Штомесячны дзень малітоўнага засяроджання распачаўся з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, прамовіў аскетычную канферэнцыю.
У сваім настаўленні духоўны айцец святароў архідыяцэзіі звярнуў увагу на складаныя моманты ў жыцці духавенства і кансэкраваных асобаў, і растлумачыў, якім чынам з Божай дапамогай з імі спраўляцца, каб яны не вялі да расчараванняў і дэпрэсіі.
Асабіста паразважаць пра гэта ў малітве ў прысутнасці Езуса ўдзельнікі сустрэчы маглі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а таксама скарыстацца магчымасцю прыступіць да сакрамэнту паяднання.
Цэлебрацыю святой Імшы, якая стала цэнтральным пунктам дня малітоўнага засяроджання, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю канцэлебравалі яго папярэднік на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і прысутныя святары.
Арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў пробашчу маладзечанскай парафіі святога Юзафа ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму за тое, што гасцінна запрасіў сабратоў у святарстве на пастырскую сустрэчу, якія традыцыйна адбываюцца ў адным з касцёлаў Мінска, унёсшы такім чынам пэўную разнастайнасць у жыццё духавенства мінскай часткі архідыяцэзіі.
У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на шэрагу важных аспектаў духоўнага жыцця святароў у еднасці з Найвышэйшым Святаром Езусам Хрыстом.
Пасля Эўхарыстыі адбылася арганізацыйная частка сустрэчы. Арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тое, што варта палепшыць у жыцці архідыяцэзіі, і заахвоціў святароў і кансэкраваных асоб праяўляць больш ініцыятывы ў душпастырскіх справах. Канцлер Мітрапалітальнай курыі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі прадставіў новы літургічны каляндар на 2023 год, а дырэктар Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінск брат Анатоль Ярошка OFMCap распавёў пра праекты ў галіне сацыяльнага служэння, адзначыўшы іх скарачэнне па незалежных ад Caritas абставінах.
Акрамя таго, сваімі разважаннямі падзяліўся з сабратамі адзін са святароў.
Наступная сустрэча духавенства з дзяленнем традыцыйнай аплаткай адбудзецца перад Калядамі, у чацвер 22 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.
паводле