У Мінску нунцый Ёзіч усклаў на арцыбіскупа Станеўскага палій Мітрапаліта, уручаны яму Папам Францішкам
25 октября, 2022 2022-10-25 6:58У Мінску нунцый Ёзіч усклаў на арцыбіскупа Станеўскага палій Мітрапаліта, уручаны яму Папам Францішкам
У Мінску нунцый Ёзіч усклаў на арцыбіскупа Станеўскага палій Мітрапаліта, уручаны яму Папам Францішкам
У суботу 22 кастрычніка Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч усклаў палій Мітрапаліта на арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага.
Арцыбіскуп Станеўскі артымаў палій з рук Папы Францішка ў Рыме 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.
З 2015 года Папа больш не накладае паліі новым арцыбіскупам Мітрапалітам, як гэта адбывалася раней. Згодна з рашэннем Святога Айца, гэты абрад здзяйсняюць Апостальскія нунцыі ў дыяцэзіях, дзе служаць новапрызначаныя іерархі.
У Рыме Пантыфік толькі ўручае ім гэты атрыбут літургічнага адзення Мітрапаліта.
Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч усклаў палій на арцыбіскупа Станеўскага ў дзень літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, напярэдадні першай гадавіны з дня яго кананічнага ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Абрад урачыстага накладання палія адбываўся падчас святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, у цэлебрацыі якой узялі ўдзел усе біскупы Касцёла на Беларусі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, канонікі Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, іншыя святары і шматлікія вернікі.
Да іх з дапамогай прамой трансляцыі на Catholic.bу духоўна далучыліся гледачы з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы.
Палій — гэта белая баваўняная стужка ў форме каўнера з двума языкамі — спераду і ззаду, — на якой вышыта шэсць чорных крыжоў.
Гэта сімвал еднасці з Рымскім Касцёлам і пастырскага клопату Мітрапаліта у пэўнай касцёльнай правінцыі.
Гэты палій Мітрапаліт можа ўжываць у любым касцёле сваёй касцёльнай правінцыі, але ніколі па-за яе межамі, нават са згоды дыяцэзіяльнага біскупа. Калі так станецца, што Мітрапаліт будзе пераведзены на іншую мітрапалітальную катэдру, ён павінен атрымаць новы палій.
Паводле catholic.by