Новости

У Рыме адбылася кананізацыя двух новых святых

2022-10-10-07-Vaticano-07
Главные новости

У Рыме адбылася кананізацыя двух новых святых

9 кастрычніка ў Рыме адбылася кананізацыя біскупа Джаванні Батысты Скалабрыні і салезіяніна Артэмідэ Дзацці.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, на каніназацыйнай святой Імшы, якая адбывалася на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, сабралася каля пяцідзесяці тысяч удзельнікаў. У прамоўленай гаміліі Папа Францішак звярнуў увагу перадусім на два аспекты: ісці разам і дзякаваць.

Святы Айцец заахвоціў змагацца са спакусай замкнутасці на сабе каб быць сапраўды «сінадальным» Касцёлам і інклюзіўным грамадствам.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа зазначыў, што «выключэнне мігрантаў з’яўляецца злачынствам». Гаворачы спантанна пра мігрантаў-украінцаў, якія ўцякаюць ад вайны, ён папрасіў маліцца за «спкутаваную Украіну».

Каментуючы евангельскі тэкст пра аздараўленне дзесяці пракажоных, Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціянская вера заўсёды патрабуе ад нас «ісці разам з іншымі». Яна матывуе выходзіць з нашых абмежаванняў адносна Бога і братоў і сясцёр, ніколі не замыкаючыся ў сабе; прызнаваць тое, што мы маем патрэбу ў аздараўленні і прабачэнні, падзяляем слабасці тых, хто побач з намі, не адчуваючы сябе вышэйшымі за іх.

Пантыфік адзначыў, што гэта датычыцца і Касцёла, у якім працягваецца сінадальны працэс.

«Давайце спытаем сябе, наколькі мы сапраўды адкрытыя і інклюзіўныя як супольнасць адносна ўсіх; ці можам мы, святары і свецкія, супрацоўнічаць у служэнні Евангеллю; ці маем мы гасціннае стаўленне, выражанае не толькі ў словах, але ў канкрэтных жэстах?»— прапанаваў паразважаць пастыр паўсюднага Касцёла.

«Я баюся, калі бачу, як хрысціянскія супольнасці дзеляць свет на добрых і дрэнных, святых і грэшнікаў: такім чынам мы адчуваем сябе лепшымі за іншых і выдаляем многіх, каго Бог хоча абняць. Калі ласка, давайце заставацца інклюзіўнымі: як у Касцёле, так і ў грамадстве, якое ўсё яшчэ пазначана няроўнасцю і маргіналізацыяй», — заклікаў Святы Айцец.

Каментуючы сцэну, у якой да Езуса з удзячнасцю вяртаецца толькі самаранін, Папа падкрэсліў важнасць такога жэста, асцерагаючы ад успрымання ўсяго, што мы атрымліваем, як належнага, не бачачы цудаў Божай працы. Ён адзначыў, што ўдзячнасць вядзе да адкрыцця прысутнасці Бога-Любові і прызнання важнасці іншых людзей, і заахвоціў кожны дзень казаць «дзякуй» Богу, сям’і і людзям, якія падтрымліваюць нас у нашых хрысціянскіх супольнасцях.

«Давайце не забываць гэтае ключавое слова: „дзякуй!“»— сказаў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на тое, што два кананізаваныя святыя нагадваюць католікам пра важнасць таго, каб ісці разам, і ўмення дзякаваць. «Будзем маліцца аб тым, каб гэтыя нашы святыя браты дапамагалі нам ісці разам, без муроў падзелу, і выхоўваць тую важную для Бога высакароднасць, якой з’яўляецца ўдзячнасць», — сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа Францішак.