Успамін святога Яна Боско адзначылі ў салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах, што пад Мінскам
1 февраля, 2023 2023-02-01 6:47Успамін святога Яна Боско адзначылі ў салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах, што пад Мінскам
Успамін святога Яна Боско адзначылі ў салезіянскай супольнасці ў Бараўлянах, што пад Мінскам
31 студзеня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Яна Боско — вялікага выхавацеля моладзі і заснавальніка Таварыства святога Францішка Сальскага, або супольнасці салезянаў, якія працягваюць яго справу па ўсім свеце, у тым ліку больш за сто гадоў таксама ў Беларусі.
Напярэдадні ўспаміну святога, у нядзелю 29 студзеня, салезіянская сям’я ў Бараўлянах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адзначыла ўрачыстасць у яго гонар.
Падрыхтоўка да свята распачалася загадзя: на працягу дзевяці дзён парафіяне маліліся навэннай да святога апостала моладзі.
У суботу 28 студзеня адбылося адмысловае набажэнства «Транзітус» — гэта значыць пераход душы святога Яна Боско ад зямнога жыцця да Нябеснага Валадарства. Падчас гэтага набажэнства вернікі маліліся і разважалі над апошнімі момантамі жыцця святога.
«Падводзячы вынік, хочацца адзначыць, што ксёндз Боско, займаючыся хлопцамі і вучачы іх мудра карыстацца часам, вучыў іх перш за ўсё слухаць Бога.
Хлопцы ў араторыі ўмелі слухаць Бога, а не толькі свае інстынкты, запатрабаванні часу. Яны вучыліся слухаць Бога і сваё сэрца: гэтаму вучыў ксёндз Боско»,
— падкрэсліў ксёндз настаяцель Павел Шчарбіцкі.
Важным момантам падчас святой Імшы стала аднаўленне абяцанняў салезіянамі супрацоўнікамі — прадстаўнікамі свецкай галіны салезіянскай сям’і, якую заснаваў святы Ян Боско.
Пасля завяршэння Эўхарыстыі ўсе прысутныя былі запрошаны на святочную праграму ў араторый, які дзейнічае пры парафіі ў Бараўлянах. У праграме былі спевы, сцэнкі, танцы; панавала атмасфера сямейнага свята ў салезіянскім стылі. Павіншавала моладзь са святам і сваіх святароў: ксяндзоў Віктара Гайдукевіча SDB, Паўла Шчарбіцкага SDB, пробашча бараўлянскай парафіі Казіміра Шыдэлку SDB, а таксама сястру Дар’ю Еўтухоўскую FMA.
Напрыканцы праграмы традыцыйнае «слоўка» да сабраных прамовіў ксёндз Казімір Шыдэлка. Святар разважаў над дэвізам салезіянскай сям’і на гэты год, які падкрэслівае асаблівую ролю свецкіх вернікаў: «Быць закваскай у сучаснай чалавечай сям’і». Пробашч падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен несці адказнасць за супольную справу Касцёла.
«Мы павінны ўзрастаць у сваёй веры і дзяліцца ёю з іншымі: такім чынам будзе пашырацца і парафія, і Божае Валадарства на зямлі»,
— дадаў ксёндз Казімір.
Завяршылася свята супольнай малітвай і салодкім сталом.
Паводле Catholic.by