Новости

«З цэглы і валуноў дом сакральны паўстаў». У Мінску прадстаўнік Папы Францішка здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Францішка

2023-05-21-Kastel20230520-001
Главные новости

«З цэглы і валуноў дом сакральны паўстаў». У Мінску прадстаўнік Папы Францішка здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Францішка

20 мая ў Новай Баравой — адным з самых маладых і сучасных мікрараёнаў Мінска — Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў пасвячэнне касцёла святога Францішка.

Будаўніцтва святыні ў парафіі, дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны, працягвалася восем гадоў і вялося намаганнямі мясцовых вернікаў і іх душпастыраў.

Асноўныя працы ўжо завершаны, застаецца ўнутранае мастацкае аздабленне касцёла, узведзенага ў нэараманскім стылі.

Пад бой званоў на вежы, яшчэ неатынкаванай і апранутай рыштаваннямі, удзельнікі ўрачыстасці сабраліся на добраўпарадкаваным пляцы перад святыняй на чале з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам — Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, вікарыем Варшаўскай правінцыі Мешых Братоў Капуцынаў братам Томашам Вроньскім OFMCap, разам са шматлікімі святарамі. Нунцый Ёзіч прачытаў уступную малітву, пасля чаго духавенства і вернікі ў працэсіі ўвайшлі ў новазбудаваны касцёл.

У гэты гістарычны момант парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай упершыню спяваў гімн парафіі святога Францішка на тэкст Таццяны Цвірко, пакладзены на музыку Канстанцінам Яськовым.

«Там, дзе вецер пад купалам неба лунаў
На лясістай бяскарайняй раўніне,
З цэглы і валуноў дом сакральны паўстаў,
Для парафіі нашай святыня», — пад гэты ўзнёслы спеў касцёл запоўніўся вернікамі, сярод якіх былі і мясцовыя парафіяне, і шматлікія госці з іншых парафій Мінска, а таксама з парафіяльных супольнасцяў з розных мясцін Беларусі, дзе нясуць служэнне браты капуцыны.

«Немагчыма не захапляцца Божай шчодрасцю, якая дазваляе нам сёння быць сведкамі таго, як на пустцы ў раёне вёскі Копішча за адносна кароткі перыяд вырас сучасны маляўнічы мікрараён, у цэнтры якога размешчаны ўзнёслы і яркі храм святога Францішка»,
— адзначыў на пачатку ўрачыстай цэлебрацыі брат Алег Шэнда OFMCap, які найбольш прычыніўся да будаўніцтва святыні, што вялося пераважна ў той час, калі ён быў кусташам капуцынскай Кустодыі Беларусі.

Прадстаўляючы касцёл, брат Алег звярнуў увагу на тое, што, «нягледзячы на сучаснасць будовы, яна гарманічна ўбірае ў сябе сусветны вопыт архітэктуры і яскравыя элементы айчыннага дойлідства.

Шырокае выкарыстанне палявых камянёў, чырвонай цэглы і белага тынку фармуюць асаблівы архітэктурны твар нашай святыні. Хочацца падкрэсліць таксама, што ўнутранае аздабленне касцёльнай прасторы выканана выключна з палявых камянёў»,
— сказаў брат Алег Шэнда, дадаўшы, што аўтарам мастацкай канцэпцыі святыні ў Новай Баравой стаў вядомы беларускі скульпатр Валяр’ян Янушкевіч, а праектную распрацоўку ажыццявіў архітэктар Аляксандр Андрушкін. Звярнуўшыся да нунцыя Ёзіча з просьбай аб пасвячэнні касцёла, брат Алег, сімвалічна перадаючы прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне плён працы людзей, якія рупліва і аддана ўзводзілі святыню, уручыў яму выяву касцёла, якую выканала адна з парафіянак, маладая мастачка і даследчыца Вікторыя Багдановіч.

Пасля здзейсненага арцыбіскупам Ёзічам акраплення вернікаў хор заспяваў урачысты гімн «Хвала на вышынях Богу». Музычнае аздабленне літургіі аб’ядноўвала ў сабе розныя перыяды рэлігійных спеваў Касцёла: грыгарыянскі харал, Імшу Станіслава Манюшкі, творы сучасных кампазітараў.

Пазней уражаны Апостальскі нунцый сказаў, што хор мог бы выступіць нават у Ватыкане, і паабяцаў гэтаму пасадзейнічаць.

У прамоўленай гаміліі нунцый Антэ Ёзіч перадусім прывітаў прысутных на цэлебрацыі прадстаўнікоў касцёльных і дзяржаўных уладаў, дыпламатаў, а таксама доктара Маркуса Інгенлата, кіраўніка нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis, якая дапамагала ў будаўніцтве святыні.

«Я вельмі рады, што ў Беларусі, дзе я выконваю сваю дыпламатычную місію, адбываецца маё першае пасвячэнне касцёла, які пасвячаецца і адчыняецца для вернікаў гэтага новага і сучаснага мікрараёна беларускай сталіцы», — адзначыў напачатку Апостальскі нунцый, дадаўшы, што «кожны касцёл увасабляе сакральнае месца, у якім Бог найбольш блізкі да чалавека і ў якім чалавек набліжаецца да Бога праз сакрамэнты, што суправаджаюць чалавека на працягу ўсіх этапаў яго жыцця».

«Кожны, хто ўвойдзе ў гэты касцёл у пошуках сэнсу жыцця і гісторыі чалавечай сям’і, зможа знайсці натхненне ў Святым Пісанні, якое абвяшчаецца з гэтай амбоны ў кожнай касцёльнай цэлебрацыі», — сцвердзіў іерарх. Ён дадаў, што цэнтральным месцам кожнага касцёла з’яўляецца алтар — сімвал ахвяры Езуса Хрыста. «Гэтай ахвярай Ён збірае нас, корміць, збаўляе і робіць святымі. Ён адзіны падмурак, на якім будуецца Касцёл. Таму сёння гэты алтар будзе намашчаны алеем, каб паказаць, што Езус з’яўляецца нашым краевугольным каменем, які падтрымлівае нас у нашым жыцці, які дае нам бяспеку і вядзе да вечнага жыцця», — сказаў нунцый, які цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі маладой парафіяльнай супольнасці і яе душпастыраў, братоў капуцынаў. Звяртаючыся да іх, прадстаўнік Папы Францішка адзначыў, што яны пакінулі заўважны след у тысячагадовай гісторыі беларускай хрысціянскай духоўнасці.

«Упэўнены, што вашая супольнасць праз гэты новы касцёл будзе працягваць узбагачаць і сучасную гісторыю беларусаў, сведчачы праз вашую францішканскую харызму любоў да ўсіх, асабліва да найбольш патрабуючых і адкінутых, як гэта рабіў ваш нябесны заснавальнік і апякун»,
— сказаў Апостальскі нунцый, даручыўшы служэнне беларускіх капуцынаў і жыццё парафіі святога Францішка заступніцтву Маці Божай, Успамогі хрысціянаў.

«Дапамажы нам, о Маці, станавіцца ўсё больш і больш братамі і сёстрамі, якія вызнаюць нязменныя чалавечыя каштоўнасці. Дапамажы нам будаваць сучаснае грамадства, заснаванае на ўзаемнай павазе і справядлівасці», — узнёс на заканчэнне гаміліі кароткую малітву нунцый Антэ Ёзіч, а потым усе прысутныя ў спеве Літаніі да ўсіх святых прасілі Бога аб тым, «каб гэты будынак <…> стаў домам збаўлення і ласкі».

Нарэшце, нунцый прамовіў адмысловую малітву пасвячэння, пасля якой намасціў хрызмам алтар, а арцыбіскуп Станеўскі — чатыры крыжы на сценах святыні. На знак малітваў вернікаў, якія ўзносяцца да Нябёсаў, на алтары было спалена кадзіла, а таксама адбылося акаджэнне алтара, усяго касцёла, духавенства і вернікаў.

Упершыню на новапасвячаным алтары была складзена Эўхарыстычная ахвяра, для якой вернікі парафіі падрыхтавалі ўласнымі рукамі вышытую літургічную бялізну і начынні, створаныя ў традыцыях беларускага ганчарнага майстэрства.

На заканчэнне святой Імшы да прысутных звярнуўся пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які зазначыў, што так, як калісьці Бог даў наказ святому Францішку адбудаваць Ягоны Касцёл, так сёння звярнуўся да яго духоўных сыноў, братоў капуцынаў, даўшы ім заданне пабудаваць касцёл у Мінску.

«І вось мы ў гэтай прыгожай, велічнай святыні: на нашай зямлі, з нашага матэрыялу»,
— сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што хоць касцёл новы, аднак кожны, хто ў яго ўваходзіць, уваходзіць нібы у гісторыю нашай Бацькаўшчыны. Арцыбіскуп Станеўскі выказаў пажаданне, каб новая святыня служыла вернікам і была месцам іх узрастання ў святасці.

Са словам да прысутных звярнуліся таксама прадстаўнік Renovabis Маркус Інгенлат і брат Томаш Вроньскі, вікарый Варшаўскай правінцыі капуцынаў, да якой належыць Кустодыя Беларусі. Ён прыехаў уначы, прывёзшы ў якасці падарунка крапіла, якое выклікала здзіўленае пытанне жанчыны-памежніцы, а падчас абрадаў пасвячэння было выкарыстана для акраплення.

На заканчэнне ўрачыстасці кусташ капуцынскай Кустодыі Беларусі брат Сяргей Мацюшонак OFMCap выказаў падзяку ўсім, хто прычыніўся да будаўніцтва касцёла святога Францішка ў Мінску, пачаўшы з брата Анатоля Ярошкі OFMCap — першага ў горадзе капуцына, які ў 90-я гады мінулага стагоддзя распачаў будаваць тут святыню з жывых камянёў — парафіяльную супольнасць.

Гэтая нерукатворная святыня жыве і расце пад дзеяннем Духа Святога, які яе напаўняе. Гэта мог адчуць кожны, хто стаў сведкам пасвячэння новазбудаванага касцёла, а таксама тыя, хто духоўна да яго далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі на Catholic.by, якую глядзела больш за дзве тысячы чалавек з усёй Беларусі і з-за мяжы.

Сёння на чале маладой сталічнай парафіі ў маладым мікрараёне адзін з самых маладых у Беларусі пробашчаў — брат Ян Садоўскі OFMCap.

У францішканскім духу братэрства і прастаты гасцінныя гаспадары пасля Імшы ўсіх пачаставалі абедам, а таксама падрыхтавалі забавы для дзяцей і цудоўную канцэртную праграму, якая працягвалася ў Новай Баравой ажно да вечара.

Паводле catholic.by