Новости

Апублікавана Пасланне Папы Францішка на 58-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі

2024-01-24-Visual-PIC-msg-58ma-Giornata-Mondiale-delle-Comunicazioni-Sociali
Главные новости

Апублікавана Пасланне Папы Францішка на 58-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі

24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна каталіцкіх СМІ, па традыцыі было апублікавана Пасланне Папы Францішка на 58-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, які ў многіх краінах будзе адзначацца 12 мая.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма папскага Паслання — «Штучны інтэлект і мудрасць сэрца: для цалкам чалавечых адносін».

Папа Францішак прысвяціў тэме штучнага інтэлекту таксама сваё нядаўняе Пасланне на Сусветны дзень міру.

У новым звароце Папа нагадаў, што сістэмы штучнага інтэлекту радыкальна ўплываюць на свет інфармацыі і камунікацыі, а значыць і на асновы жыцця грамадства. Гэтыя змены закранаюць усіх людзей, а не толькі прафесіяналаў. Хуткае распаўсюджванне інавацый, прынцып дзеяння і патэнцыял якіх застаецца незразумелым для большасці з нас, адначасова захапляе і дэзарыентуе. Яно непазбежна ставіць перад намі больш глыбокія пытанні аб прыродзе людзей і будучыні віду homo sapiens у эпоху штучнага інтэлекту. «Як заставацца ў поўнай меры людзьмі і накіроўваць гэтую культурную трансфармацыю на добрыя мэты?» — задаецца пытаннем Святы Айцец.

Адштурхоўвацца ад нашай духоўнасці

На думку Папы, неабходна адмовіцца ад «катастрафічных прадказанняў з іх ашаламляльнымі наступствамі» і ўступіць у гэты тэхналагічны працэс «з адкрытасцю, але і з адчувальнасцю да ўсяго разбуральнага і бесчалавечнага ў ім». «Павінен сфармавацца новы тып чалавека, надзелены больш глыбокай духоўнасцю, новай свабодай і ўнутраным светам», — лічыць Папа Францішак.

«У нашу эпоху, якая рызыкуе стаць багатай у плане тэхналогій і беднай у плане чалавечнасці, нашыя разважанні павінны пачынацца з чалавечага сэрца. Толькі прыняўшы духоўны падыход да ўспрымання рэальнасці, толькі здабыўшы мудрасць сэрца, мы зможам разумець і інтэрпрэтаваць навізну нашага часу і зноў адкрыць шлях да цалкам чалавечых адносін»,
— папярэдзіў Пантыфік.

Магчымасці і пагрозы

«Мудрасці сэрца нельга чакаць ад машын. Хоць тэрмін штучны інтэлект выцесніў больш правільны тэрмін „машыннае навучанне“ (machine learning), які выкарыстоўваецца ў навуковай літаратуры, але выкарыстанне слова інтэлект можа ўвесці ў зман», — адзначыў Папа, дадаўшы, што толькі людзі здольныя асэнсаваць дадзеныя, якія збіраюць і захоўваюць машыны.

«Гаворка ідзе не пра тое, каб зрабіць машыны больш чалавечнымі, а, хутчэй, пра тое, каб абудзіць чалавецтва ад сну, выкліканага ілюзіяй усемагутнасці, заснаванай на веры ў тое, што мы цалкам аўтаномныя і самарэферэнтныя суб’екты, якія адарваліся ад усіх сацыяльных сувязяў і забыліся пра сваю прыроду жывых істот»,
— зазначыў Святы Айцец.

«Людзі заўсёды ўсведамлялі, што яны не самадастатковыя, і імкнуліся пераадолець сваю ўразлівасць, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі», — нагадаў Папа, прывёўшы ў прыклад дагістарычныя прылады працы, сродкі масавай інфармацыі і складаныя машыны. Аднак гэтымі інструментамі можна злоўжываць з-за спакусы стаць як Бог, сваімі сіламі заваяваць тое, што павінна ўспрымацца як Божы дар.

У залежнасці ад схільнасці сэрца, усё, што знаходзіцца ў руках чалавека, становіцца альбо магчымасцю, альбо пагрозай. Сістэмы штучнага інтэлекту могуць дапамагчы пераадолець невуцтва і спрыяць абмену інфармацыяй паміж рознымі народамі і пакаленнямі. Напрыклад, яны могуць зрабіць даступнай і зразумелай велізарную спадчыну пісьмовых ведаў, назапашаных у мінулыя эпохі, або зрабіць магчымымі адносіны паміж людзьмі, якія не гавораць на адной мове. У той жа час яны могуць быць крыніцай кагнітыўнага забруджвання — скажэння рэальнасці з дапамогай часткова або цалкам ілжывых апавяданняў, дэзінфармацыі, фэйкавых навін, падробак, — папярэдзіў Святы Айцец.

Мы ўжо выпрабавалі на сабе амбівалентнасць першай хвалі штучнага інтэлекту, сацыяльных сетак, іх магчымасці і рызыкі. Другі ўзровень генератыўнага штучнага інтэлекту, несумненна, уяўляе сабой якасны скачок. Таму важна разумець і рэгуляваць інструменты, якія, патрапіўшы не ў тыя рукі, могуць прывесці да негатыўных сцэнараў. Алгарытмы не нейтральныя.

«Таму неабходна дзейнічаць прэвентыўна, прапануючы мадэлі этычнага рэгулявання, каб прадухіліць шкодныя, дыскрымінацыйныя і сацыяльна несправядлівыя наступствы выкарыстання сістэм штучнага інтэлекту»,
— зазначыў Папа, заклікаўшы міжнародную супольнасць «працаваць разам, каб прыняць абавязковы міжнародны дагавор, які рэгулюе распрацоўку і выкарыстанне штучнага інтэлекту ў яго шматлікіх формах».

Неабходнасць якаснага скачка ў чалавечнасці

Чалавецтва заклікана расці ў чалавечнасці, здзейсніць якасны скачок, каб «стаць складаным, шматэтнічным, плюралістычным, шматканфесійным і мультыкультурным грамадствам». Выкарыстоўваць новыя інструменты для таго, каб рабіць дабро, пазбягаючы рызыкі зводзіць людзей да статыстычных дадзеных, а мысленне — да механічнага працэсу.

На думку пастыра паўсюднага Касцёла, лічбавая рэвалюцыя можа прынесці нам большую свабоду, але не ў выпадку выкарыстання такіх мадэляў, як рэха-камеры, якія замест таго, каб павялічваць інфармацыйный плюралізм, зацягваюць у багну блытаніны.

Недапушчальна, каб выкарыстанне штучнага інтэлекту прыводзіла да групавога мыслення, збору неправераных дадзеных, страты ісціны.

Папа прывёў у якасці прыкладаў, з аднаго боку, «паралельную вайну», якую вядуць з дапамогай кампаній дэзінфармацыі, а з другога боку, ваенныя рэпартажы параненых і забітых рэпарцёраў, якія дазваляюць нам зразумець абсурднасць вайны.

Выкарыстанне штучнага інтэлекту можа зрабіць пазітыўны ўнёсак у сектар камунікацыі пры ўмове, што яно не адменіць ролю журналістыкі на месцах, а наадварот, падтрымае яе, калі яно павысіць прафесіяналізм камунікацыі, пашырыць магчымасці камунікатараў.

Важныя пытанні

Напрыканцы паслання Папа запрасіў паразважаць над шэрагам важных для сучаснасці і будучыні пытанняў: «Як абараніць прафесіяналізм і годнасць работнікаў у галіне камунікацыі і інфармацыі, а таксама карыстальнікаў па ўсім свеце? Як забяспечыць функцыянальную сумяшчальнасць платформаў? Як зрабіць, каб кампаніі, якія распрацоўваюць лічбавыя платформы, выконвалі свае абавязкі ў дачыненні да кантэнту і рэкламы, як гэта адбываецца з выдаўцамі традыцыйных СМІ? Як зрабіць больш празрыстымі крытэрыі, якія вызначаюць працу алгарытмаў індэксацыі і дэіндэксацыі, а таксама пошукавых сістэм, здольных праслаўляць або сціраць людзей і меркаванні, гісторыі і культуры?»

Святы Айцец таксама задаў пытанні: «Як забяспечыць празрыстасць інфармацыйных працэсаў? Як вызначыць аўтарства тэкстаў і крыніц, схаваных за шырмай ананімнасці? Як зразумець, калі выява або відэа адлюстроўвае падзею або імітуюць яе? Як не дапусціць адзінага, апрацаванага алгарытмам мыслення? Як замест гэтага стварыць асяроддзе, прыдатнае для захавання плюралізму і адлюстравання складанай рэальнасці? Як зрабіць экалагічна ўстойлівай гэтую магутную, дарагую і энергазатратную тэхналогію? Як зрабіць яе даступнай для краін, якія развіваюцца?»

Адказы на гэтыя пытанні вызначаць, ці прывядзе штучны інтэлект да стварэння новых кастаў, новых формаў эксплуатацыі і няроўнасці, або да большай роўнасці за кошт распаўсюджвання праўдзівай інфармацыі ў рамках добра структураванай і плюралістычнай інфармацыйнай сеткі.

Адказы на пастаўленыя Папам пытанні не прадвызначаны загадзя, але залежаць ад нас. «Чалавек павінен сам вырашыць, ці стаць яму ежай для алгарытмаў або сілкаваць сваё сэрца свабодай, без якой немагчыма расці ў мудрасці», — гаворыцца ў пасланні Папы Францішка на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

Паводле catholic.by

https://catholic.by/3/news/vatican/16839-apublikavana-paslanne-papy-frantsishka-na-58-y-susvetny-dzen-satsyyalnaj-kamunikatsyi