Арцыбіскуп Гуджэроцці сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады Беларусі
4 июля, 2023 2023-07-04 7:46Арцыбіскуп Гуджэроцці сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады Беларусі
Арцыбіскуп Гуджэроцці сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады Беларусі
Падчас візіту ў Беларусь Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які знаходзіўся ў нашай краіне з 28 чэрвеня па 2 ліпеня, адбыўся шэраг сустрэч высокага ватыканскага іерарха з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады розных узроўняў.
Арцыбіскуп Гуджэроцці прыбыў у Беларусь у якасці Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка на ўрачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
29 чэрвеня ён нанёс візіт у Міністэрства замежных спраў Беларусі, дзе сустрэўся з міністрам Сяргеем Алейнікам. Увечары таго ж дня адбыўся прыём з нагоды адзінаццатага года Пантыфікату Папы Францішка, на якім таксама прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады.
30 чэрвеня ў першай палове дня арцыбіскуп Гуджэроцці сустрэўся з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. Ён цёпла прывітаў Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка і пазнаёміў яго з дзейнасцю свайго ведамства, якое клапоціцца пра роўныя магчымасці дзейнасці і развіцця прадстаўнікоў розных веравызнанняў і этнічных груп, што жывуць у Беларусі. У апараце ўпаўнаважанага высокага ватыканскага іерарха суправаджаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Падчас сустрэчы адбыўся абмен думкамі адносна шэрагу надзённых пытанняў жыцця і дзейнасці каталіцкай супольнасці ў Беларусі, а таксама магчымасці паляпшэння ўзаемадзеяння паміж Касцёлам і дзяржавай, у тым ліку ў сферы сацыяльнага служэння.
Нягледзячы на пэўныя адрозненні ў поглядах і падыходах, размова атрымалася змястоўнай і канструктыўнай.
1 ліпеня ў сакрыстыі будслаўскай святыні адбылася сустрэча арцыбіскупа Гуджэроцці са старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным, у якой бралі ўдзел таксама ўпаўнаважаны Румак і прадстаўнікі мясцовых органаў улады, а з боку Касцёла — нунцый Ёзіч і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У ходзе сустрэчы былі абмеркаваныя планы па далейшым аднаўленні будслаўскай святыні пасля пажару, які здарыўся там у маі 2021 года.
Кіраўнік Мінскай вобласці запэўніў, што дзяржава гатовая выдаткаваць сродкі, каб дапамагчы ў правядзенні прац па аднаўленні святыні, прычым не толькі па ліквідацыі наступстваў пажару, але і па захаванні ўнікальнага касцёла на доўгія гады.
Са свайго боку Прэфект Гуджэроцці прапанаваў уладам сталічнага рэгіёна наладзіць супрацоўніцтва са Святым Пасадам у сферы захавання і аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Падчас сустрэч прадстаўнікамі дзяржаўнай улады неаднаразова адзначалася, што арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці канкрэтнымі справамі даў доказ таго, што з’яўляецца сапраўдным сябрам нашай краіны і беларускага народа.
Яны прасілі яго перадаць Папу Францішку найлепшыя пажаданні і высокую ацэнку яго дзейнасці, перадусім у справе абароны міру і традыцыйных агульначалавечых каштоўнасцяў.