У маладой мінскай парафіі, якая будуе святыню, у пяты раз прайшоў дабрачынны кірмаш
11 апреля, 2023 2023-04-11 10:36У маладой мінскай парафіі, якая будуе святыню, у пяты раз прайшоў дабрачынны кірмаш
У маладой мінскай парафіі, якая будуе святыню, у пяты раз прайшоў дабрачынны кірмаш
Дабрачынны кірмаш у парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску прайшоў 2 красавіка, у Пальмовую нядзелю, ужо ў пяты раз.
Дабрачынны кірмаш — ініцыятыва вернікаў маладой каталіцкай супольнасці аднаго з так званых «спальных» раёнаў сталіцы, дзе вядзецца будаўніцтва парафіяльнай святыні. Служэнне ў парафіі нясуць ксяндзы хрыстусоўцы.
Як паведамляецца на парафіяльным сайце Jan.by, рыхтуючыся да кірмашу, хтосьці прыдумваў і ствараў вырабы з тканіны, нітак, кветак, цукерак. Хтосьці рэзаў, прывозіў і ўпрыгожваў вярбу. Хтосьці выпякаў хлеб, кулічы і іншыя прысмакі. Хтосьці гатаваў суп на вялікую колькасць людзей. Хтосьці рыхтаваў забавы для дзяцей і прызы для латарэі, а хтосьці друкаваў і падпісваў латарэйныя білеты. Хтосьці займаўся традыцыйнымі «паведамленнямі» ад святых. Хтосьці падмятаў, прыбіраў, рамантаваў, раскладаў і збіраў намёты, нацягваў тэнты, а хтосьці правёў у іх цэлы дзень, гандлюючы вербамі і велікоднымі сувенірамі. Хтосьці падбадзёрваў іншых, а хтосьці рабіў маленькія, непрыкметныя справы.
Усё гэта напоўніцу адчулі шматлікія наведвальнікі кірмашу, якія штосьці набывалі, удзельнічалі ў забавах, частаваліся супам, куплялі латарэйныя білеты і проста былі.
Усе сродкі, сабраныя падчас дабрачыннага кірмашу, будуць прызначаныя на справы будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла ў Мінску.
Паводле catholic.by