У новым касцёле ў Новай Баравой пад Новы год загучаў новы арган
4 января, 2023 2023-01-04 7:09У новым касцёле ў Новай Баравой пад Новы год загучаў новы арган
У новым касцёле ў Новай Баравой пад Новы год загучаў новы арган
2023 год для парафіі святога Францішка горада Мінска, што ў мікрараёне Новая Баравая, распачаўся пад велічныя гукі новага аргана.
Шэсць стагоддзяў таму арган афіцыйна ўвайшоў ва ўжытак рыма-каталіцкай літургіі як галоўны інструмент для музычнага суправаджэнне набажэнстваў, каб дапамагаць вернікам глыбей удзельнічаць у малітве. У Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору аб Святой Літургіі Sacrosanctum Concilium падкрэслена асаблівае значэнне гэтага інструмента: «У Лацінскім Касцёле трэба мець у вялікай пашане духавыя арганы як традыцыйны музычны інструмент, гучанне якога надае велічнасць касцёльным цырымоніям і ўзносіць розумы вернікаў да Бога і нябесных спраў» (SC 120).
Завяршэнне 2022 года для маладой парафіяльнай супольнасці сталіцы, у якой нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, было адзначана важнай падзеяй: напрыканцы снежня ў касцёле святога Францішка быў усталяваны новы арган.
Інструмент у Новай Баравой стаў восьмым духавым арганам у Мінску і трэцім у распараджэнні сталічных рыма-каталіцкіх парафій.
Арган ў касцёле святога Францішка працягнуў даволі пашыраную апошнім часам тэндэнцыю па пераносе інструментаў такога кшталту з касцёлаў Заходняй Еўропы ў Беларусь. Адметнасць гэтага здабытку ў тым, што арган касцёла святога Францішка даволі малады: яму ўсяго 20 гадоў. Гэты інструмент быў пабудаваны ў Германіі ў горадзе Ільзэдэ ў майстэрні Крыстафа Грэфэ. Сям’я Грэфэ ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца будаўніцтва арганаў.
Транспарціроўка магутнага інструменту заняла шмат часу; спатрэбілася таксама нямала намаганняў спецыялістаў. Каб перавезці і ўсталяваць арган на новым месцы, быў запрошаны арганабудаўнік Гунар Шмід, якому давялося шмат папрацаваць: пратэсціраваць, разабраць і прывезці інструмент у Беларусь, а потым сабраць, інтанаваць і настроіць яго ў новым памяшканні касцёла ў Новай Баравой.
Трэба адзначыць, што ініцыятары гэтай смелай задумы моцна рызыкавалі, бо ад моманту з’яўлення ідэі ўсталявання аргана ў касцёле, падчас перавозкі, зборкі і ажно да першага зайгранага на ім гуку існавала няпэўнасць адносна спалучэння акустычных магчымасцяў святыні і гукавай магутнасці аргана.
Але дзякуючы разлікам кваліфікаваных спецыялістаў акустыка касцёла і музычная хваля аргана стварылі адзіную сугучную прастору. У новым памяшканні майстру Шміду ўдалося аптымальна настроіць інструмент пад яго новы дом.
Нягледзячы на даволі сціплыя памеры, новы арган адметны выдатнай якасцю інтаніроўкі галасоў, а таксама збалансаванасцю дыспазіцыі, скіраванай пераважна на літургічны ўжытак. Сам арган мае дзесяць рэгістраў, два мануалы — клавіятуры, на якіх іграюць рукамі, педаль — клавішы для ног, а таксама шэраг механічных прыстасаванняў для большых магчымасцяў падчас ігры на гэтым складаным інструменце. Сціплы, але гарманічны і прыгожы фасад аргана вытрыманы ў традыцыйным для нямецкага арганабудаўніцтва стылі.
У аргане, адпаведна з познебарокавай скіраванасцю яго стыля, адсутнічае швелерны механізм для рэгулявання гучнасці. Аднак акрамя літургічных функцый, інструмент мае значны канцэртны патэнцыял. Так, у спалучэнні з шыкоўнай акустыкай касцёла, на ім годна прагучыць камерна-ансамблевая, вакальна-харавая музыка з удзелам аргана, а таксама значная частка сольнага арганнага рэпертуару, нават цалкам адрознага стылю.
Парафія святога Францішка і браты капуцыны шчыра запрашаюць усіх ахвотных паслухаць цудоўныя гукі аргана.
Акрамя святой Імшы, нагода для гэтага будзе ў нядзелю 15 студзеня. У межах фестывалю «Раство з Капуцынамі» пасля Імшы а 11-й гадзіне адбудзецца канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Юрыя Габруся.
Касцёл святога Францішка знаходзіцца па адрасе: Мінскі раён, вёска Копішча, вуліца Авіяцыйная, 4.
Тэкст: Вераніка Раманенкава, Юры Габрусь / Фота: брат Алег Шэнда OFMCap /
Паводле Catholic.by