У панядзелак у актаве Пасхі ва ўзросце 88-і гадоў адышоў у вечнасць Папа Францішак
27 апреля, 2025 2025-04-27 21:18У панядзелак у актаве Пасхі ва ўзросце 88-і гадоў адышоў у вечнасць Папа Францішак
У панядзелак у актаве Пасхі ва ўзросце 88-і гадоў адышоў у вечнасць Папа Францішак
Як падае партал Vatican News, 21 красавіка раніцай камерленга Святога Рымскага Касцёла кардынал Кевін Фарэл даслаў паведамленне з Дому святой Марты: «У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу».
Ніжэй змешчаны поўны тэкст паведамлення кардынала Фарэла, які з сумам абвясціў аб смерці Папы Францішка наступнымі словамі:
«Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца.
Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу. Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства.
З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса, даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы».
Таксама стала вядома, што 21 красавіка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, узначаліць святую Імшу ў інтэнцыі спачылага Папы Францішка, якая будзе папярэджана малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Пачатак у 15.00.
У галоўным касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выстаўлены фотаздымак Папы Францішка. Вернікі маюць магчымасць прыносіць кветкі і маліцца аб жыцці вечным для спачылага Пантыфіка на працягу ўсяго дня кожны дзень аж да моманту пахавання Папы.
Арцыпастыр запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да супольнай малітвы за Папу Францішка.
Паводле catholic.by