Новости

У Росіцы біскуп Буткевіч узначаліў урачыстасці ў гонар благаслаўлёных марыянаў Юрыя і Антонія у 80-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці

2023-02-20-rosica_80_36
Главные новости

У Росіцы біскуп Буткевіч узначаліў урачыстасці ў гонар благаслаўлёных марыянаў Юрыя і Антонія у 80-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці

18 лютага ў Росіцы з удзелам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча адзначылі ўрачыстасць у гонар благаслаўлёных ксяндзоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў 80-ю гадавіну іх мучаніцкай смерці.

Сёлета, як і штогод, у Росіцу прыбылі пілігрымы з розных мясцін Беларусі, каб ушанаваць подзвіг самаахвярнай любові двух святароў з законніцкай супольнасці марыянаў і маліцца праз іх заступніцтва.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, урачыстасці распачаліся выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і малітвай Ружанца, пасля чаго адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату і пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на словах з Евангелля паводле Мацвея: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць» (Мц 10, 28).

«Сёння мы, як штогод, збіраемся на гэтым месцы, каб маліцца за тых, хто загінуў, але і ўглядацца ў прыклад мужнасці і адвагі, бо менавіта такія трагічныя моманты агаляюць тое, што ёсць у чалавека.
І не толькі сведчаць пра злосць, нянавісць і агіду людской сапсаванай натуры, але і паказваюць прыклады гераізму і вернасці аднойчы дадзенаму слову, вернасці свайму пакліканню», — падкрэсліў пастыр Касцёла віцебскай дыяцэзіі.

Напрыканцы біскуп Алег Буткевіч пажадаў, «каб дарога ў Росіцу ніколі не была забытая, каб святыня заўсёды вабіла сваёй прыгажосцю, а бласлаўлёныя Юрый і Антоній выпрошвалі для кожнага прысутнага такі патрэбны супакой: супакой у нашай краіне, у нашых сем’ях, супакой у нашых сэрцах».

Як і 80 гадоў таму, сёння росіцкай парафіяй апякуюцца ксяндзы марыяне, для якіх іхнія бласлаўлёныя сабраты назаўжды застануцца прыкладам ахвярнага служэння.

Пілігрымаў і ўсіх удзельнікаў урачыстасці вітаў кусташ санктуарыя ксёндз Аляксандр Жарнасек МІС. Ён запрасіў зноў прыязджаць у Росіцу, удзельнічаць у набажэнствах і пілігрымках, а таксама захапляцца прыгажосцю гэтага цудоўнага месца.

Пасля святой Імшы ўсе скіраваліся на пляц мучаніцтва: месца страшнай трагедыі, але разам з тым — вялікай Божай хвалы.

Пасля кароткай малітвы кожны мог укленчыць і ўшанаваць усталяваны там крыж — знак збаўлення для ўсіх хрысціянаў.