Новости

Велікоднае віншаванне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча

2022-06-06-chk-1010
Главные новости

Велікоднае віншаванне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча

Дарагія браты і сёстры,

для мяне вялікая радасць віншаваць вас са святам Пасхі Пана і паўтарыць словы Евангелля: «Хрыстус уваскрос. Сапраўды ўваскрос». Гэтае абвяшчэнне мы чуем не толькі ў касцёлах, але і ў кожнай веруючай сям’і, якая святкуе Вялікдзень.

Другую фразу — «Супакой вам» — уваскрослы Езус скіраваў да сваіх спалоханых і засмучаных вучняў, таму што яны страцілі свайго Настаўніка.

Многія людзі ў свеце па-ранейшаму напалоханыя і занепакоеныя землятрусамі, пандэміямі, войнамі, сваёй нявызначанай будучыняй, з-за чаго многія адчуваюць няўпэўненасць і непакояцца за сваё мірнае жыццё. У выніку многія людзі вырашылі пакінуць свае краіны ў пошуках лепшага жыцця.

Такім чынам, верыць ва ўваскрослага Езуса і ў Яго прысутнасць сярод нас азначае верыць, што Езус сваёй смерцю таксама перамог нашую смерць, нашыя слабасці і што Ён зноў даў нам новае жыццё, гэта значыць, што Ён жывы і прысутны ў нашым штодзённым жыцці і рыхтуе нас да пераходу ў жыццё вечнае.

Вера ў Змёртвыхпаўстанне нашага Пана таксама азначае, што мы ўжо сталі ўдзельнікамі Яго вечнага жыцця. Гэта адбываецца ў кожнай цэлебрацыі пасхальнай таямніцы. Гэтае служэнне нас аб’ядноўвае, робіць моцнымі і напаўняе надзеяй нашае жыццё.

Такім чынам, хрысціяніну неабходна кожны год перажываць Вялікдзень, гэта значыць пастаянна перажываць навяртанне ад чалавечай слабасці да жыцця, асветленага святлом уваскрослага Хрыста, скіраванага да пасхальнай радасці.

Перамога Езуса над грахом і смерцю — гэта наша ўпэўненасць у тым, што мы таксама пераможцы ў нашых змаганнях, як казаў апостал Павел: «Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем» (2 Цім 2, 11–12).

Але сёння мы ставім перад сабою пытанне, як пераадолець зло ў свеце, якое прыносіць столькі няшчасцяў, войнаў і іншых формаў насілля, што кідаюць мільёны людзей у выгнанне, забіраюць чалавечыя жыцці і знішчаюць маёмасць, правакуюць эксплуатацыю і бесчалавечнае абыходжанне са слабымі?

Колькі людзей у свеце не маюць доступу да неабходных для жыцця рэчаў? Колькі дзяцей жывуць у беднасці і не маюць магчымасці атрымаць адукацыю? Колькі зняволеных усё яшчэ не могуць вярнуцца дадому і сустрэцца са сваімі блізкімі?

Як хрысціяне, мы таксама і ў гэтым годзе сведчым аб тым, што нам дае надзею; што наша надзея — гэта Хрыстус (пар. 1 Цім 1, 1).

Крыж Хрыста заахвочвае нас захоўваць хрысціянскія каштоўнасці ў нашым жыцці, будаваць натуральную сям’ю і сацыяльную справядлівасць, праяўляць узаемную любоў, нягледзячы на пакуты і крыжы, якія мы сустракаем на нашым зямным шляху.

Цяжкасці і крызісы, якія мы перажываем у сучасным грамадстве, не павінны быць прычынай расчаравання, таму што Пасха Пана заўсёды нясе нам святло, якое рассейвае цемру. Вялікдзень заўсёды дае нам сілы пераадольваць цяжкасці і заставацца вернымі свайму пакліканню.

Усіх праваслаўных вернікаў, якія святкуюць Пасху паводле юліянскага календара і будуць яе адзначаць праз тыдзень, віншую са святам Уваскрасення Хрыстовага і жадаю шчодрага Божага благаслаўлення.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

✠Антэ Ёзіч
Апостальскі Нунцый

Мінск, Вялікдзень 2023 г.

Паводле Catholic.by