Новости

Арцыбіскуп Станеўскі наведаў парламент, дзе ўзяў удзел у круглым стале па абмеркаванні новага закону аб рэлігійных арганізацыях

2023-11-03-JS_Parl2
Главные новости

Арцыбіскуп Станеўскі наведаў парламент, дзе ўзяў удзел у круглым стале па абмеркаванні новага закону аб рэлігійных арганізацыях

У пятніцу 3 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў візіт у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Па запрашэнні парламентарыяў з Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі беларускі іерарх узяў удзел у працы круглага стала, прысвечанага абмеркаванню новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

Арцыбіскупа Станеўскага суправаджаў кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па прававых пытаннях ксёндз канонік Андрэй Зноска.

За круглым сталом сабраліся члены Палаты Прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак і прадстаўнікі вядучых канфесій і рэлігій нашай краіны. Акрамя прадстаўніка каталіцкага епіскапату прысутнічалі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч, старшыня Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын Уладзімір Малінкін. Кожны з прысутных меў магчымасць данесці да парламентарыяў сваё бачанне далейшага ўдасканалення нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін у сферы рэлігіі, выказаць заўвагі да законапраекту, унесці прапановы.

Праект новай рэдакцыі Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях быў прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне з 5 па 15 чэрвеня бягучага года.

Як паведамлялася на сайце епіскапату Сatholic.by, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла актыўны ўдзел у абмеркаванні законапраекту і перадала Упаўнаважанаму па справах рэлігій адмысловы дакумент, у якім змясціла свае заўвагі і прапановы. Як адзначыў юрысконсульт беларускага каталіцкага епіскапату ксёндз Андрэй Зноска, многія з прапанаваных іерархамі паправак сапраўды былі прынятыя і знайшлі адлюстраванне ў праекце будучага Закона, які ўжо прайшоў працэдуру першага чытання ў Ніжэйшай Палаце беларускага Парламента.

У сваім выступленні падчас круглага стала арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў народным абраннікам за ўвагу да меркавання кіраўніцтва беларускага Касцёла адносна новай рэдакцыі Закона, які на дзесяцігоддзі стане фундаментальным нарматыўным прававым актам для мноства рэлігійных арганізацый.

Пры гэтым іерарх звярнуўся да парламентарыяў з просьбай звярнуць увагу на некаторыя пытанні, якія маюць прынцыповае значэнне для каталіцкіх вернікаў і якія могуць яшчэ знайсці нарматыўнае вырашэнне ў канчатковай версіі Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях.

Сярод такіх пытанняў арцыбіскуп асабліва падкрэсліў права вернікаў на пэўную ананімнасць і ахову асабістых дадзеных пры навучанні дзяцей рэлігіі, на права нацыянальных меншасцяў на навучанне дзяцей рэлігіі на сваёй роднай мове, на неабходнасць удасканалення працэдуры рэгістрацыі манаскіх супольнасцяў з улікам канфесіянальных адметнасцяў. Ажыўленую дыскусію ўдзельнікаў круглага стала выклікала ўзнятае арцыбіскупам Станеўскім пытанне аб канчатковым замацаванні ў заканадаўстве вызвалення святароў ад ваеннай службы, а семінарыстаў — ад прызыву ў войска.

Выходзячы з Дома ўрада, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў пляц каля зачыненага касцёла святых Сымона і Алены, памаліўся каля ўваходу ў святыню і суцешыў пастырскім словам вернікаў парафіі, якія прыбіралі восеньскае лісце каля свайго апусцелага касцёла.

Паводле catholic.by
Тэкст і фота: кс. Андрэй Зноска / Catholic.by