Святы Пасад апублікаваў праграму апостальскага падарожжа
10 августа, 2020 2022-08-13 4:34Святы Пасад апублікаваў праграму апостальскага падарожжа
Святы Пасад апублікаваў праграму апостальскага падарожжа
Прэс-служба Святога Пасаду апублікавала праграму візіту Папы Францішка ў Казахстан, які, як паведамлялася раней, пройдзе з 13 па 15 верасня.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, плануецца, што ў межах гэтага апостальскага падарожжа Святы Айцец наведае Нур-Султан, дзе прыме ўдзел у кангрэсе лідараў сусветных рэлігій.
Пантыфік прыбудзе ў сталіцу Казахстана 13 верасня года каля 17.45. У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам, прадстаўнікамі ўлады і дыпламатычнага корпуса.
На наступны дзень, 14 верасня, Папа Францішак прыме ўдзел у адкрыцці VII Кангрэсу лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які пройдзе ў Палацы міру і згоды. Цырымонія распачнецца ціхай малітвай удзельнікаў. Святы Айцец выступіць з прамовай. Там жа апоўдні пройдуць прыватныя сустрэчы Папы з некаторымі рэлігійнымі лідарамі.
Увечары пастыр паўсюднага Касцёла ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў міжнародным экспацэнтры Нур-Султана.
Апошні дзень візіту, 15 верасня, распачнецца для Папы Францішка прыватнай размовай з субратамі з Таварыства Езуса. Яго сустрэча з езуітамі адбудзецца ў Апостальскай нунцыятуры. Потым Святы Айцец скіруецца ў катэдру Маці Божай Нястомнай Дапамогі на сустрэчу з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. У другой палове дня Папа прыме ўдзел у завяршэнні Кангрэсу лідараў сусветных рэлігій і звернецца да яго ўдзельнікаў з прамовай.
Гэта будзе апошняе мерапрыемства ў межах апостальскага візіту Папы Францішка ў Казахстан. Пасля цырымоніі развітання, каля 16.45 самалёт з Пантыфікам на борце вылеціць з міжнароднага аэрапорта Нур-Султана ў Рым. Каля 20.15 яго прыбыццё будуць чакаць у рымскім аэрапорце Ф’юмічына.